Вторник, 19 Май 2020 13:26

Змяніць закон, каб забудаваць прыпаркавую тэрыторыю — норма ці карупцыя?

Мы ўвесь час здзіўляемся, як гарадскія ўлады ствараюць канфлікты на роўным месцы.

Пад ціскам таннай архітэктуры гандлёвых цэнтраў і панэльных дамоў у Гомелі знікаюць зялёныя зоны і старая архітэктура. На чарзе — забудова вуліцы Камісарава, дзе знаходзяцца два будынкі аўтарства Станіслава Шабунеўскага і Ільінская царква.

З нашых крыніцаў у гарвыканкаме стала вядома, што хутка вуліца Камісарава будзе забудаваная новымі будынкамі, а вядомы рачны фасад горада будзе значна зменены.

Згодна выпісцы з пратакола горадабудаўнічага савета пад першым нумарам на вуліцы Камісарава, 31 плануецца пабудаваць шматфункцыянальны цэнтр насупраць самага старажытнага гомельскага храма — Ільінскай царквы.

 

Увесь "свет" гомельскай архітэктурнай думкі — профільныя чыноўнікі гарвыканкама і аблвыканкама, кіруючыя кадры галоўных праектных інстытутаў узгаднілі будоўлю з рэкамендацыяй змяніць закон, які забараняе будаўніцтва ў гэтым месцы (Праект зон аховы Палацава-паркавага ансамбля).

 

Акцэнтуем яшчэ: лепшыя гомельскія архітэктары дазволілі будаваць будынак там, дзе гэта недазволена законам!

 

Па нашых дадзеных, зараз на пляцоўцы насупраць царквы канца 18 стагоддзя плануецца ўзвесці шматфункцыянальны цэнтр. Такім чынам, старэйшая царква канца 18 стагоддзя апынецца паміж двума бізнэс цэнтрамі — на вул. Пралетарскай (там стаіць недабудаваны жалезабетонны каркас ўжо каля 5 год) і на вул. Камісарава. А па вуліцы Камісарава, 13 будзе пабудаваны новы чатырохпавярховы корпус бальніцы, які закрые агляд з вуліцы Камісарава на шпіталь, які ў пачатку ХХ ст. пабудаваў Станіслаў Шабунеўскі.

Узгодненая канцэпцы аб'екта кепская тым, што парушае ўспрыняцце Ільінскай царквы і сожскаага фасаду Гомеля. Прыцягненне вялікай колькасці транспарту пацягне дэградацыю гэтага раёна, як гістарычнага і турыстычнага месца.

Не ўсё проста і з законам. Будаўніцтва плануецца размесціць у зоне аховы ландшафта Палацава-паркавага ансамбля, у зоне аховы ландшафта гістарычнага цэнтра. Новае будаўніцтва там забараняецца. Таксама шмат абмежаванняў у сувязі з неабходнасцю выканання іншых законаў у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

 

На фотаздымках паказанае прыкладнае размяшчэнне аб'екта, на дадзены момант дакладная колькасць паверхаў шматфункцыянальнага цэнтра не вядомая.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Пошукi старого Гомеля

We use cookies to improve our website. By continuing to use this website, you are giving consent to cookies being used. More details…