Среда, 10 Февраль 2021 15:55

Справаздачы грамадзкіх аб’яднаньняў і фондаў: новыя патрабаваньні

Што трэба зрабіць да 1 сакавіка.

У 2021 годзе зьмяніліся патрабваньні што да абавязковай справаздачнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў і фондаў, якую трэба зрабіць да 1 сакавіка.

Цяпер усе грамадзкія аб’яднаньні (як рэспубліканскія, так і мясцовыя ды міжнародныя) абавязаныя, акрамя ранейшай штогадовай справаздачы ў рэгіструючы орган юстыцыі, рабіць яшчэ і публічную справаздачу аб сваёй дзейнасьці, у тым ліку фінансавай. Гэтая новая справаздача можа быць апублікаваная ў СМІ, альбо на сайце арганізацыі, ці перададзеная для публікацыі на рэсурсах органаў юстыцыі.

Трэба падкрэсьліць, што новая публічная справаздача для грамадзкіх аб’яднаньняў створаная не замест ужо існуючай справаздачы ў рэгіструючы орган, а ў дадатак да яе. Такім чынам, грамадзкія аб’яднаньні будуць абавязаныя да 1 сакавіка зрабіць дзьве справаздачы аб сваёй дзейнасьці – адну публічную, другую ў рэгіструючы орган. Для фондаў новая справаздача замяніла сабой ранейшую абавязковую справаздачнасьць. Як і раней, установы не абавязаныя рабіць справаздачнасьць аб сваёй дзейнасьці.

 

НОВАЯ СПРАВАЗДАЧА


Новая абавязковая справаздачнасьць грамадзкіх аб’яднаньняў устаноўленая пастановай Міністэрства юстыцыі №153-1 “Аб інфармацыі пра дзейнасьць грамадзкіх аб’яднаньняў і фондаў” і ўведзеная згнодна з новым заканадаўствам аб барацьбе з адмываньнем грошай і фінансаваньнем тэрарызму.

Новы парадак распаўсюджваецца на фонды і на грамадзкія аб’яднаньні, але аб’ём зьвестак для справаздачаў гэтых двух арганізацыйных формаў крыху адрозьніваецца.

Пералік зьвестак, якія падлягаюць публікацыі грамадзкімі аб’яднаньнямі ў новай справазадачы, складаецца з двух блёкаў:

 

› Справаздача пра дзейнасьць арганізацыі. Тут мусяць быць адлюстраваныя зьвесткі пра колькасны склад грамадзкага аб’яднаньня, яго арганізацыйныя структуры і іх колькасны склад, месца знаходжаньня кіруючага органа і праведзеныя цягам году мерапрыемствы. Зьвернем увагу, што зьмест гэтай часткі справаздачы не павінны супярэчыць той інфармацыі, якая падаецца ў органы юстыцыі ў справаздачы аб дзейнасьці арганізацыі згодна з законам “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”. У пастанове Міністэрства юстыцыі падкрэсьліваецца, што гэтая інфармацыя не павінна быць скіраваная на папулярызацыю дзейнасьці, не зьвязанай з мэтамі і задачамі грамадзкага аб’яднаньня.


› Справаздача пра паступленьні і выдаткаваныя грашовыя сродкі і маёмасьць. Тут мусяць быць адзначаныя зьвесткі пра агульную суму грашовых сродкаў ды iншую маёмасьць; уступныя і сяброўскія ўнёскі (калі ўнёскі прадугледжаныя статутам); пра паступленьні ад праведзеных у статутных мэтах лекцыяў, выставаў, спартовых ды іншых мерапрыемстваў; пра даходы ад прадпрымальніцкай дзейнасьці (ад заснаваных грамадзкім аб’яднаньнем прадпрыемстваў); пра дабраахвотныя ахвяраваньні; пра паступленьні ад замежных дзяржаваў, замежных і міжнародных арганізацыяў; пра паступленьні з іншых крыніцаў. Датычна выдаткаў трэба будзе пазначыць агульную суму выдаткаў, колькасьць работнікаў арганізацыі, памер аплаты іх працы, выдаткі на матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне, выкарыстаньне грашовых сродкаў ды іншай маёмасьці.


Для фондаў новаўведзеная справаздача замяніла сабой раней існуючую справаздачу, якую фонды былі абавязаныя публікаваць штогадова. Справаздача павінная ўключаць інфармацыю аб працягу дзейнасьці фонду з пазначэньнем месца знаходжаньня кiруючага органа; мерапрыемствах, праведзеных фондам у статутных мэтах за год; колькасьці заснавальнікаў фонду; зьвесткі аб кошце маёмасьці фонду, у тым ліку: маёмасьці, што была перададзеная заснавальнікамі (заснавальнікам) фонду; паступленьнях ад праведзеных ў адпаведнасьці са статутам фонду мерапрыемстваў; даходах, атрыманых ад прадпрымальніцкай дзейнасьці; паступленьнях ад замежных дзяржаваў (арганізацыяў), міжнародных арганізацыяў; іншых не забароненых заканадаўствам паступленьнях. Таксама мусіць быць прадстаўленая інфармацыя аб выдаткоўваньні грашовых сродкаў ды iншай маёмасьцi: зьвесткi аб агульнай суме выдаткаў грашовых сродкаў ды iншай маёмасьцi; колькасьці работнікаў фонду, памерах аплаты іх працы; выдатках на матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне; аб выкарыстаньні грашовых сродкаў ды iншай маёмасьцi; колькасьці ўнітарных прадпрыемстваў, гаспадарчых таварыстваў, створаных фондам для ажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай дзейнасьці, у тым ліку аб удзеле фонду ў такіх юрыдычных асобах.

Прадугледжана тры варыянты публікацыі грамадзкімі аб’яднаньнямі і фондамі новаўведзенай справаздачы:

› альбо ў сродках масавай інфармацыі,
› альбо на ўласным сайце арганізацыі,
› альбо шляхам падачы справаздачы ў міністэрства юстыцыі і абласныя, мінскае гарадзкое ўпраўленьні юстыцыі (пры такім варыянце органы юстыцыі будуць самастойна публікаваць атрыманыя ад арганізацыяў зьвесткі на сваіх рэсурсах).


Датычна таго, у якіх менавіта СМІ могуць публікавацца справаздачы, абмежаваньняў не ўводзіцца – гэта могуць быць як друкаваныя выданьні, так і сеткавыя выданьні, калі яны зарэгістраваныя як СМІ. Разам з тым датычна апублікаваньня справаздачы на сайце арганізацыі – зьвернем увагу, што гэта павінны быць абавязкова афіцыйны сайт, які зарэгістраваны на грамадзкае аб’яднаньне ў адпаведнасьці з заканадаўствам аб інтэрнэце, а не на нейкую фізычную асобу.

Варта падкрэсліць, што інфармацыя, апублікаваная ў справаздачы, падлягае абавязковаму сталаму захоўваньню ў грамадзкім аб’яднаньні ці фондзе.

 

РАНЕЙШАЯ СПРАВАЗДАЧА


Як і раней, грамадзкім аб’яднаньням трэба падаць да 1 сакавіка ў органы юстыцыі інфармацыю пра працяг сваёй дзейнасьці з пазначэньнем месца знаходжаньня кіруючага органа. Таксама мусяць быць прадстаўленыя сьпісы сябраў выбарных органаў з пазначэньнем прозьвішча, імя, імя па бацьку, даты нараджэньня, месца жыхарства і нумара хатняга тэлефону, месца працы (навучаньня) і нумара працоўнага тэлефону, пасады ў гэтых выбарных органах і даты абраньня кожнага зь сябраў з прыкладаньнем адпаведных пратаколаў. Грамадзкія аб’яднаньні ў справаздачы мусяць прадставіць інфармацыю пра мерапрыемствы, праведзеныя за год у статутных мэтах, інфармацыю пра колькасьць сябраў грамадзкага аб’яднаньня, яго арганізацыйных структураў.

Справаздачы падаюцца ў той орган, які зарэгістраваў арганізацыю – у міністэрства юстыцыі для рэспубліканскіх і міжнародных арганізацыяў, у адпаведнае абласное ўпраўленьне юстыцыі – для мясцовых грамадзкіх аб’яднаньняў.

Абавязковай формы для прадастаўленьня справаздачнасьці няма, так што выкладзеныя вышэй дадзеныя можна прадастаўляць у адвольнай форме. Разам з тым Міністэрства юстыцыі дае некаторыя рэкамэндацыі датычна формы, у якой можна падаваць справаздачу.

Арганізацыйныя структуры грамадзкіх аб’яднаньняў (гарадзкія, абласныя ці раённыя аддзяленьні вышэйстаячых арганізацыяў) асобных справаздачаў самастойна не падаюць – зьвесткі пра іх уваходзяць у агульную справаздачу суцэльнага грамадзкага аб’яднаньня, чыім аддзяленьнем яны зьяўляюцца.

Некамэрцыйныя арганізацыі, зарэгістраваныя ў форме ўстановаў, як і раней, адмысловых справаздачаў аб сваёй дзейнасьці падаваць не абавязаныя. Падаткавая, статыстычная ды іншая справаздачнасьць робіцца імі на агульных умовах, як і для іншых юрыдычных асобаў.

 

belngo.info

We use cookies to improve our website. By continuing to use this website, you are giving consent to cookies being used. More details…