Четверг, 11 Февраль 2021 11:27

Сэмінар: рэгістрацыя НКА, афармленьне фінансаў, справаздачнасьць

Сэмінар адбудзецца 18 лютага 2021 года.

Асамблея НДА і Цэнтар прававой трансфармацыі запаршаюць на інтэрактыўны анляйн-сэмінар “Рэгістрацыя і фінансаваньне НКА, новыя патрабаваньні да фінансавай справаздачнасьці”, які пройдзе 18 лютага (чацьвер). Сэмінар ладзіцца ў інтэрнэт-фармаце на плятформе zoom.

Сэмінар складаецца з трох блёкаў: на першыя два (базавыя пытаньні рэгістрацыі і фінансаваньні НКА) арганізатары запрашаюць прадстаўнікоў ініцыятыў па стварэньні і рэгістрацыі новых арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, на трэці – прадстаўнікоў ужо зарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў і фондаў.

 

У першым тэматычным блёку сэмінара будуць разгледжаныя асноўныя арганізацыйна-прававыя формы некамэрцыйных арганізацыяў ды іх адрозьненьні ў прававым статусе і парадку рэгістрацыі згодна з заканадаўствам, якую форму выбраць, які алгарытм рэгістрацыі кожнай формы і з чаго пачаць. Удзельнікам будзе прадстаўленая інфармацыя пра цяперашні парадак ды практыку рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, установаў і фондаў. Асобна будуць асьветленыя праекты заканадаўчых зьменаў, якія рыхтуюцца і могуць зьмяніць умовы для рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў і ўстановаў.

У другім тэматычным блёку сэмінара будуць разгледжаныя базавыя пытаньні прававога рэгуляваньня фінансавых паступленьняў для розных формаў некамэрцыйных арганізацыяў, у тым ліку: якія ёсьць крыніцы фінансавых паступленьняў НКА паводле заканадаўства; ці магчымая прадпрымальніцкая дзейнасьць НКА; чым адрозьніваецца афармленьне ахвяраваньняў ад грамадзянаў і бязвыплатная (спонсарская) дапамога ад беларускіх юрыдычных асобаў; як рэгулюецца атрыманьне замежнага фінансаваньня ў выглядзе замежнай бязвыплатнай дапамогі ды інш.

Трэці тэматычны блёк сэмінара будзе скіраваны на пытаньні справаздачнасьці НКА, у прыватнасьці – новым патрабаваньням пра публічную фінансавую справаздачнасьць, якія былі ўведзеныя летась і згодна зь якімі ўсе грамадзкія аб’яднаньні і фонды абавязаныя да 1 сакавіка 2021 года апублікаваць сваю фінансавую справаздачу.

 

Падчас сэмінару ўдзельнікі атрымаюць магчымасьць індывідуальных кансультацыяў па канкрэтных пытаньнях, зьвязаных са стварэньнем новых НКА альбо з прававым забесьпячэньнем фінансаваньня грамадзкай дзейнасьці і НКА.

Таксама ўдзельнікам сэмінару будуць прадстаўленыя сьвежыя метадычныя публікацыя Цэнтру прававой трансфармацыі Lawtrend і Асамблеі НДА, датычныя тэматыкі сэмінару.

Арганізатары сэмінару будуць радыя вітаць на мерапрыемстве па адным прадстаўніку ад адной арганізацыі. У выпадку, калі колькасьць заявак будзе большая за колькасьць месцаў на семінары, перавага будзе нададзеная ўдзельнікам, заяўкі якіх дэманструюць найбольшую зацікаўленасьць у тэме сэмінару і якія раней не бралі ўдзелу ў падобных навучальных мерапрыемствах.

 

Сэмінар адбудзецца 18 лютага, пачатак аб 11:00, працягласьць да пяці гадзінаў. Пра падрабязную праграму працы будзе паведамлена ўдзельнікам сэмінара дадаткова.

 

Каб падаць заяўку на ўдзел у сэмінары, трэба запоўніць электронную анкету ўдзельніка, якая знаходзіцца па спасылцы: http://bit.ly/3rdsnf3

Апошні тэрмін падачы заявак на ўдзел у сэмінары: 16 лютага (аўторак), 15:00. Пацьверджаньне ўдзелу будзе дасланае ўдзельнікам мерапрыемства за дзень да яго правядзеньня.

 

belngo.info

We use cookies to improve our website. By continuing to use this website, you are giving consent to cookies being used. More details…