Понедельник, 03 Сентябрь 2018 17:01

Не «бульбашы», а голас тутэйшых

Радыё Свабода і мастак-авангардыст Аляксей Хацкевіч даюць афіцыйны старт супольнаму праекту «Саша і Сірожа на Свабодзе».

Саўдзельнікамі тэматычнай палітры можаце стаць і вы: прапануйце мастаку нагоду да абмеркаваньня празь вясёлыя і дасьціпныя коміксы — у камэнтарах пад артыкуламі на сайце і пад пастамі ў сацыяльных сетках.

 

Ад «калдыроў» у народныя героі


Панк-праект «Саша і Сірожа» Аляксей Хацкевіч запачаткаваў яшчэ вучнем старшых клясаў. У аснову вясёлых карцінак ляглі прыгоды двух братоў зь вёскі Ніжнія Юргілі. Спачатку на падставе іх ілюстраванага жыцьцяпісу ў 2000-м выйшаў мультфільм «Клей», у якім Сірожу агучыў лідэр гурту «Ляпіс Трубяцкі» Сяргей Міхалок, а Сашу ўвасобіў сам Хацкевіч.

Неўзабаве зьявіўся сэрыял для дарослых «Калыханка», дзе Хацкевіч і Міхалок, начапіўшы вялізныя насы, абмяркоўвалі гарачыя тэмы дня. У розны час праграма трансьлявалася на БТ, Першым музычным канале, «МTV Беларусь», «Белсаце», украінскіх «М1» і «Інтэр». Таксама Саша і Сірожа мелі эфірны час на менскім «Альфа-радыё» і рубрыкі ў незалежных газэтах. Цяпер праект атрымаў новае жыцьцё на Радыё Свабода.

 

Аляксей, прыдуманыя табой пэрсанажы — гэта ўжо «калдыры» са стажам, больш за тры дзясяткі гадоў на плыву. Ты сам закладаў ім такое працяглае жыцьцё? Ці думаў, што героі так доўга праіснуюць у віртуальным сьвеце?

Шчыра скажу: зусім не плянаваў! Нават не сумняваўся, што хутка гэтая забава скончыцца. Але аказалася, што людзям дагэтуль падабаецца, яны хочуць працягу, цікавяцца, дзе цяпер Саша і Сірожа. Ну і вырашыў, што варта працягваць. Калі народ хоча, дык чаму не зрабіць зь іх сапраўды народных герояў?

— Але народныя героі ня могуць жыць самі па сабе, а ў кантэксьце тваіх прац абавязкова падсілкоўваюцца рэзананснымі падзеямі. Наколькі Беларусь у гэтым сэнсе «жыватворная крыніца»? Ці хапае нагодаў для абмеркаваньня?

— Мне здаецца, што ва ўсім сьвеце сёньня досыць падзеяў, а Беларусь у гэтым сэнсе дакладна ніколі не стаяла ўбаку. Па вялікім рахунку, падзеяў дастаткова, каб людзі на іх рэагавалі — як само жыцьцё зьмяняецца, як прагрэс рухаецца, як плянэта круціцца. І як гэта ўсё ў выніку на нас узьдзейнічае.

 

Не «бульбашы», а голас тутэйшых


— Можна казаць, што Саша і Сірожа —​ гэта апанэнты любой улады, ня толькі сёньняшняй. Як і 30 ці 20 гадоў таму, знаходзяць прадмет для вясёлых кпінаў і дасьціпнай крытыкі вялікіх і малых начальнікаў.

Саша і Сірожа ня тое што апрыёры ставяцца да ўсяго крытычна, яны ж таксама не дэбілы. Як і кожнаму з нас, падабаецца, калі ўсё добра — напрыклад роўныя дарогі, разумныя законы. Ну а калі нешта дрэнна, то, як і любога, абурае. Таму яны ня супраць нейкай канкрэтнай улады, а супраць сыстэмы, якую стварылі для «зручнасьці людзей», а яна такой не зьяўляецца. І ня важна, трапяць у Афрыку ці ў Брытанію, усё роўна знойдзецца тое, што будзе іх бударажыць.

— Апошнім часам аднавіліся спробы прыляпіць беларусам мянушку «бульбаш», нібыта вярнуўшы да «генэтычных каранёў», да «голасу электарату». Саша і Сірожа — яны хто?

Па-першае, яны дакладна не «бульбашы», асабіста мне гэтае слова проста агіднае. Беларускія пэрсанажы, з тутэйшых. Па-другое, калі яны жывуць на сваёй зямлі, то і шчыра на ўсё адгукаюцца. Чыста на вуліцах — гэта падабаецца. А трапляюць у паліклініку ці сацыяльную службу і пачынаецца ідыятызм, уключаюцца бюракратычная тармазы; калі ёсьць ідэі, а іх заліваюць, як з пажарных брандспойтаў, гэта абурае і яны цалкам прадказальна рэагуюць.

 

Саўковыя манэры «прэдседацеля»


Яшчэ адзін сталы пэрсанаж, прынамсі ў апошніх сэрыялах, — гэта «прэдседацель». Вобраз абагульнены, але відавочна, што саўковага паходжаньня. Скажам так, у сёньняшніх умовах маральна састарэлы.

Ды што казаць: насамрэч намі кіруюць рэальныя дыназаўры, якія панічна супраціўляюцца таму, каб жыць у сучасным сьвеце. Яны ўсяго баяцца! Ёсьць краіны, якія першымі прымаюць палітычныя, сацыяльныя, тэхналягічныя зьмены, крочаць у нагу з часам. А ў нас праз уяўную памяркоўнасьць больш любяць паназіраць. Маўляў, хай астатнія нешта зробяць, а мы пачакаем. Вось атрымаецца, можа і мы паспрабуем. А не — дык і добра, што не пачыналі.

І над усёй гэтай уладнай пірамідай узвышаецца самы галоўны «дыназаўр»…

Эталён для нашых чыноўнікаў, як паводзіць сябе зь людзьмі. Гэты эталён штодня выступае па тэлевізары, тупае нагамі, лаецца, крычыць, задае вэктар дзеяньня. Можа, не на ўсіх, але на бальшыні прадпрыемстваў, дзяржаўных установаў манэра паводзінаў кіраўнікоў дакладна такая ж. Таму «прэдседацель» — гэта такі зборны пэрсанаж з абоймы «рукавадзяшчэва састава» нашай дзяржавы.

Адпаведна, пакуль плянавая эканоміка на чале з «прэдседацелем» будзе існаваць, у герояў мастака Аляксея Хацкевіча працы будзе больш чым дастаткова.

А як жа. Практыка апошніх дзесяцігодзьдзяў паказвае, што заўсёды трэба рыхтавацца да нейкіх узрушэньняў. Пакуль нешта глябальна ня зьменіцца, усё будзе па-ранейшаму: гаворыцца адно, а ў рэальнасьці робіцца праз адно месца. Як у тэлевізары: дзяржаўныя каналы расказваюць пра райскае жыцьцё, пра тэмпы росту, пра нейкую ІТ-краіну. А зірнеш на вуліцу — дзе яно ўсё? Як ужо наконт гэтага жартуюць, «хачу жыць у Беларусі з тэлевізара».

 

Новы досьвед Сашы і Сірожы


Аляксей, у цябе за кар’еру было больш за дзясятак пляцовак, дзе прыпісваліся Саша і Сірожа — і мультфільмы, і тэлеперадачы, і радыёэфіры, і газэтныя палосы. Якія спадзяваньні на супрацу са Свабодай? Ці разьлічваеш на большы, чым раней, узровень свабоды?

Мае пэрсанажы не зьяўляліся на моцна цэнзураваных пляцоўках. Нават калі казаць пра БТ 20-гадовай даўнасьці, была пэўная ступень разьняволенасьці. Ну а ў гэтым выпадку сама назва мае на ўвазе, што на Свабодзе пануе свабода. Адзінае, ёсьць унутраны цэнзар, які падказвае, што рабіць, а што ня варта.

Па-першае, стараюся не ўжываць назваў, прозьвішчаў, каб былі абагульненыя вобразы. Па-другое, каб у розных краінах маглі дадумаць нешта сваё. Бо я перакананы: усюды ёсьць такія «прэдседацелі» і незразумелыя рашэньні. Мне цікава, каб народныя героі краналі як мага большую колькасьць народу. Каб людзі думалі, праводзілі паралелі і рабілі высновы. Таму і стараюся пазьбягаць канкрэтыкі.

 

We use cookies to improve our website. By continuing to use this website, you are giving consent to cookies being used. More details…